ТАЎСТАДЗЮ́БЫЯ СІНІ́ЦЫ (Paradoxornithidae),
сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 4—7 родаў, 19—25 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, 1 від у Еўропе і стэпавай зоне Азіі. Большасць відаў аселыя, з сезоннымі вандроўкамі. Жывуць у лясах, садах, зарасніках па берагах вадаёмаў. Найб. вядомыя: даўгахвостая сініца, або апалоўнік (Aegithalos caudatus), вусатая сініца (Panurus biarmicus). Трапляюцца на Беларусі і суторы (роды Suthora і Paradoxornis). 1 від і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела 11—19 см, маса 8—17 г. Апярэнне мяккае, пушыстае, рыхлае, густое. Хвост доўгі (да палавіны даўж. цела), ступеньчаты. Крылы кароткія, закругленыя. Дзюба кароткая, канічная, успушаная. Нясуць да 14 яец. Кормяцца беспазваночнымі пераважна насякомымі і павукамі, дробным насеннем.
т. 15, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)